Епіскап Бруклінскі й Баранавіцкі Васіль Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы на эміграцыі  

Гісторыка-кананічны нарыс Беларускае Праваслаўнае Царквы
на эміграцыі (1944-2004)

Палітычныя зьмены, што адбыліся на Беларусі пасьля распаду СССР, закранулі й праблемы духовыя. Адраджэньне Праваслаўя на Бацькаўшчыне выклікае цікавасьць да яго гісторыі, у тым ліку, да гісторыі Беларускага Праваслаўя ў замежжы, ягонай духовай і культурнай спадчыны.
Мэта гэтае працы – разглядзець дзейнасьць Беларускага Праваслаўя (БАПЦ) у краінах, дзе яно адраджалася й існуе зараз.
Асноўнай крыніцай матэрыялаў па дадзенаму пытаньню зьяўляюцца часопісы: “Голас Царквы” (выдаваўся Царкоўнай Радай БАПЦ з красавіка 1955 г. па Вялікдзень 1994 г.), “Царкоўны пасланец” (рэдактар Б.Данілюк, выданьне непэрыядычна працягваецца), Праваслаўныя каляндары БАПЦ, дакумэнты з архіва сабору сьв. Кірылы Тураўскага ў Ню Ёрку.

* * *
Беларусы наогул – народ вельмі рэлігійны. Апынуўшыся на чужыне, яны згубілі Бацькаўшчыну , захопленую камуністычным рэжымам, але не згубілі сваю гісторыю й Царкву (БАПЦ), у якой бачылі спадкаемніцу славутай Наваградзкай мітраполіі. «Мы прыйшлі на эміграцыю з маленькімі дзеткамі, са старэнькімі бабулямі і замеж таго, каб спачатку разбагацець, пачалі капаць духовую крыніцу – будаваць цэрквы, каб гэтым падзякаваць Бога за свой ратунак, каб пакінуць пасьля сябе вечны помнік нашага побыту на выгнаньі – Беларускую Царкву, творачы гэтым карысьць для будучай Вольнай Беларусі», - казаў мітрапаліт БАПЦ Андрэй (Крыт).
БАПЦ паўстала ў шэрагу буйнейшых краінаў сьвету, што ёсьць яе дасягненьнем у справе нацыянальна-рэлігійнага адраджэньня. Сьведамай частцы беларускага грамадзтва прыйшлося парваць сувязі з япіскапатам мітрапаліта Панцеляймана (Ражноўскага), які на эміграцыі без скліканьня Памеснага Сабору Праваслаўнае Царквы Беларусі, згоды сьвятароў і вернікаў, насуперак 14 правілу сьв. Апосталаў, 5 правілу 4 Усяленскага Сабору, 16 правілу Двукратнага Сабору, перайшоў у юрысдыкцыю Расейскае Замежнае Царквы . Нацыянальна сьведамых беларусаў адштурхоўваў ад Расейскае Зарубежнае Царквы яе нацыяналізм і імпэрскія ідэялы, што лічылася беларусамі чужым і варожым.
Беларускія сьвятары й вернікі пачалі шукаць шляхі для аднаўленьня незалежнага беларускага праваслаўнага жыцьця. У лягерох ДП, чакаючы магчымасьці выехаць у краіны вольнага сьвету, беларусы пачалі арганізовываць свае парафіі. У Рэгенсбургу (Баварыя), дзе знаходзілася сядзіба Беларускага Нацыянальнага Камітэту, у аселішчы Зіглюнг зарганізаваўся беларускі лягер з каля 500 беларусамі. Восеньню 1945 г. пачалі адбывацца Божыя службы ў залі БНК. Адначасна быў створаны камітэт пабудовы беларускае праваслаўнае царквы. Беларусы купілі пляц на ўскраіне лягеру й прыступілі да будоўлі. У Вялікі Чацьвер япіскап Апанас (Мартас) асьвяціў першую на эміграцыі беларускую праваслаўную царкву. Лёс яе трагічны: пасьля пераходу япіскапата БАПЦ у РЗЦ расейскае царкоўнае кіраўніцтва прадала царкву на злом.
У іншых лягерох згуртаваньня беларусаў парафіі былі арганізаваныя: у Міхельсдорфе, Віндышбэргердорфе, Остэргофэне, Вільдфлекэне, Дыльгенфільгу, Шляйсгайме, Швайнгфурце, Ватэнштэце, Госьляры, Розэнгайме, Бакнангу, Ацбэргу, Тырсгайме, Вайдэне, Вогэнстраўсе, Гэрэнбэргу, Гібельштаце й інш.
Першым крокам дзейнасьці ў справе аднаўленьня япіскапату БАПЦ была сустрэча (8 красавіка 1947 г.) ініцыятыўнае групы беларусаў з мітрапалітам Пінскім і Палескім Аляксандрам (Іназемцавым), які жыў у Нямеччыне й меў дазвол ад мітрапаліта Дзіянісія (Валедзінскага), Галавы Польскае Праваслаўнае Царквы, на эміграцыі апекавацца новастворанымі аўтакефальнымі Цэрквамі (УАПЦ і БАПЦ). Мітрапаліту Аляксандру прапанавалася ўзначаліць БАПЦ, але ягоная трагічная сьмерць не дазволіла рэалізаваць гэтую справу. Дапамагчы ня быў здольны й мітрапаліт Дзіянісі, бо пад ціскам савецкіх уладароў Польшчы ён быў зьняты з пасады Галавы Царквы й ізаляваны ад грамадзкай і царкоўнай дзейнасьці.
Ад імя Беларускага Нацыянальнага Камітэту на эміграцыі рабіліся спробы, каб беларускую ярархію ачоліў архімандрыт Уладзімір (Фінькоўскі), які адзін з першых пачаў арганізоўваць рэлігійнае жыцьцё на Беларусі ў часы нямецкае акупацыі. Гэтыя крокі не знайшлі ўзаемнага паразуменьня . Стала відавочным, што беларусам трэба распалагаць на ўласныя сілы й дзейнічаць самастойна. З ініцыятывы доктара Віктара Войтэнкі ў французкай зоне быў створаны Часовы Праваслаўны Рэлігійны Камітэт, які ўзначаліў пратаярэй Сьцяпан Войтэнка . Камітэт зарганізоўваў парафіі Беларускае Праваслаўнае Царквы й сваю справу выконваў вельмі добра. Больш таго, прат. Сьцяпан Войтэнко ды Мікалай Дзямідаў правялі перамовы з япіскапам УАПЦ Сергіем (Охотэнко), які згадзіўся ўзначаліць БАПЦ . Гэта было згодна з параграфам 55 Статуту Сьвятой Праваслаўнай Беларускай Аўтакефальнай Царквы, прынятым на Ўсебеларускім Саборы 1942 г.
Уладыка Сергі быў кананічным япіскапам і меў пасьветчанную грамату ад мітрапаліта Дзіянісія. Сябры Рады БНР пачалі рабіць захады перад Сынодам УАПЦ, каб уладыка Сергі быў адпушчаны ў БАПЦ і каб ўкраінскія япіскапы хіратанісалі ў япіскапа інж. Уладзімера Тамашчыка. Галава УАПЦ мітрапаліт Палікарп (Сікорскі) паблагаславіў уладыку Сергія ўзняць апеку над асірацелаю БАПЦ.
З ініцыятывы Часовага Камітэту 23 травеня (5 чэрвеня) 1948 г. у Канстанцы быў скліканы Сабор духавенства й вернікаў. У гэты час да духавенства ўладыкі Сергія належалі: аа. Сьцяпан Войтэнка, Аляксандр Кулакоўскі, Анатоль Кунцэвіч, Уладзімер Зелінскі, Хведар Данілюк , Міхась Шчурко. З ліку духавенства ў Саборы таксама ўдзельнічалі: прат. Ананія Сагайдакіўскі, прат. Барыс Наслоўскі, прат. Якуб Нефадоўскі, дыякан Уладзімер Піндзюра. Сабор аднавіў дзейнасьць БАПЦ. У пастанове Сабора гаварылася:
“...Тры япархіі БПЦ (Віленская, Гарадзенская й Пінская) атрымалі дазвол на аддзяленьне ў БАПЦ, багаслаўленьне й прызнаньне ад мітрапаліта Варшаўскага й усяе Польшчы Блажэньнейшага Дзіянісія, Галавы Польскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, дадзенае ім на рукі мітрапаліта Аляксандра Пінскага. Дзеля таго, што перад Менскім Усебеларускім Праваслаўным Саборам існавалі толькі тры япархіі, стварыўшыя наступныя япархіі БПЦ, Сабор сцьвярджае кананічнасьць БАПЦ, атрымаўшай прызнаньне матчынай Польскай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы. Сабор падтрымоўвае пастанову мітрапаліта Аляксандра Пінскага трываць пра аўтакефальнасьць БПЦ і на эміграцыі-чужыне, і з жалем успамінае перадчасную сьмерць мітрапаліта Аляксандра. Сабор пастанаўляе прадаўжаць дзейнасьць Беларускае Праваслаўнае Аўтакефальнае Царквы на эміграцыі ды змагацца за яе ў краі, пад часовым епіскапскім кіраўніцтвам прэасьвяшчэннага Сергія, епіскапа УАПЦ. Пераданьне часовага епіскапскага кіраўніцтва прэасьвяшчэнным Сергіям сталаму епіскапскаму кіраўніцтву наступіць з хвілінай наяўнасьці ня менш двух беларускіх епіскапаў у БАПЦ, жадаючых стварыць сталае кіраўніцтва БАПЦ і кіраваць Ёю на славу Праваслаўнае веры ў Беларускім народзе на век века. ...Сабор заклікае ўсіх праваслаўных беларусаў аб*яднацца каля адзінае БАПЦ і гэтым ушанаваць памяць і заслугу лепшых дзядоў і прадзедаў, змагаўшыхся за аўтакефалію і чысьціню Праваслаўнае веры “.
Была зарганізавана Духоўная Кансісторыя ў складзе: ераманаха Васіля (Тамашчыка),аа. Хведара Данілюка, Аляксандра Казлоўскага, Міхася Шчурко й міран: Міколы Дзямідава, Міколы Равенскага, Савенка й Вініцкага. Кансысторыя прадоўжыла арганізоўваць парафіі БАПЦ ў краінах вольнага сьвету.
19 сьнежня 1949 г. а. Васіль (Тамашчык) быў хіратанісаны ў япіскапа БАПЦ . Хіратонію выканалі япіскап БАПЦ Сергі, япіскапы Платон і Вячаслаў ад УАПЦ.
Пачынаючы з 1948 г. беларусы выязджаюць з Нямеччыны на сталае пасяленьне ў розныя краіны Захаду. Япіскап Васіль заставаўся часова ў Мюнхене, каб закончыць багаведчую асьвету, а потым наведаў Брытанію, дзе 25 чэрвеня 1950 г. рукапалажыў у ярэя Аляксандра Крыта. Праз нейкі час уладыка Васіль выехаў у Амэрыку, а ўладыка Сергі – у Аўстралію.
Дзейнасьць БАПЦ падтрымалі беларускія палітычныя дзеячы. 12 красавіка 1949 г. прэм*ер-міністр Ураду БНР А.Каханоўскі пісаў да прадстаўніка Ураду БНР у Брытаніі праф. Вінцуку Жук-Грышкевічу:
«На моцы пастановы Прэзідыюму Рады БНР ад 15.3.1949 г. і Пастановы Ўраду БНР ад 9.4.1949 г. за адзінапраўную Беларускую Праваслаўную Царкву трэба ўважаць Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву пад зьверхніцтвам Яго Высокапрэасьвяшчэнства япіскапа Сергія. Ад гэтага часу ўсе нацыянальныя беларускія арганізацыі на эміграцыі павінны ўсямерна падтрымліваць ўсе крокі Яго Высокапрэасьвяшчэнства япіскапа Сергія ў кірунку разбудовы Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы».
На Вялікдзень 1956 г. архіяпіскап БАПЦ Васіль падпісаў дамоўленасьць з архіяпіскапам Багданам УПЦ у Амэрыцы Канстантынопальскага Патрыярхату. У ёй гаворыцца:
“...Устанавіць малітоўнае адзінства між сабою, Сваімі Сьвятымі Цэрквамі, духавенствам і вернікамі... У выпадку патрэбы склікаць Сабор япіскапаў для разгляду супольных царкоўных пытаньняў у нашых япархіях...Імкнуцца да пашырэньня нашага адзінства праз іншых праваслаўных япіскапаў, якія вызнаюць каноны Адзінае Сьвятое Саборнае й Апостальскае Царквы. ...Узаемна памінаць сябе ў часе службаў Божых у нашых сьв. Цэрквах і маліцца за дабро нашых мнагастрадальных братніх народаў: Беларускага й Украінскага... Пашыраць і узмацняць узаемную любоў між вернікамі нашых Сьв. Цэркваў“.
Архіяпіскап Васіль актыўна ўдзельнічаў у грамадзка-палітычным жыцьці беларускае эміграцыі. 21 сакавіка 1957 г. ён упершыню прачытаў малітву ў Амэрыканскім Кангрэсе. Пасьля гэтага ён пазнаёміў кангрэсмэнаў Д.Форда, Т.Махровіча, Ф.Дона ды інш. з праблемамі беларускае эміграцыі. 24 сакавіка 1958 г. уладыка Васіль быў прыняты на адмысловай аўдыенцыі віцэ-прэзыдэнтам ЗША Рычардам Ніксанам. Аўдыенцыя адбылася ў кабінэце віцэ-прэзыдэнта ў Вашынгтгоне. У гэты дзень уладыка прачытаў малітву перад адкрыцьцём паседжаньня сэната. 22 сакавіка 1961 і 22 сакавіка 1962 г. , 26 сакавіка 1963 г. адбыліся сустрэчы архіпастыра з віцэ-прэзідэнтам ЗША Лінданам Джонсанам у ягоным кабінеце ў Капітолі. Віцэ-прэзідэнт шчыра цікавіўся беларускімі справамі й жадаў уладыке хутчэйшага вызваленьня Бацькаўшчыны ад камуністычнай няволі. Перад пачаткам сэсіі сэнату архіяпіскап Васіль чытаў адмысловую малітву. Малітву ў Сэнаце ЗША ўладыка таксама чытаў 26 сакавіка 1964 г. , 25 сакавіка 1965 г. і 25 сакавіка 1967 г. Як і ў папярэднія гады, выступленьне архіпастыра выклікала салідарнасьць і падтрымку ў змаганьні беларускага народа за дзяржаўную незалежнасьць.
7 лютага 1961 г. БАПЦ у ЗША была залегалізаваная спэцыяльным актам, параграф 18, як дапаўненьне права рэлігійных карпарацыяў, разьдзелаў 336-339 у Асамблеі штату Ню Ёрк, і зацьверджана Губэрнатарам.
Гістарычным стаў для БАПЦ 1968 год. 15 лютага адбылася хіратонія уладыкі Андрэя (Крыта) , а 10 сакавіка – уладыкі Мікалая (Мацукевіча). Абедзьве хіратоніі адбыліся ў Адэляйдзе (Аўстралія). 11 лютага ў сэрбскай царкве Галава БАПЦ архіяпіскап Сергі (Охотэнко) пастрыг у манаства прат. Аляксандра Крыта зь імём Андрэй і ўзьвёў яго ў сан архімандрыта. 15 лютага, у дзень сьвята Спатканьня Госпада, у грэцкім саборы сьв. Архістраціга Міхаіла было праведзенае нарачэньне яго ў япіскапа Гарадзенска-Наваградзкага й Кліўлендзкага. Хіратанісалі ўладыку архіяпіскап Сергі й сэрбскі япіскап Дымітры, у прысутнасьці прат. Міхаіла Шчурко, прат. Аляксандра Кулакоўскага, прат. Жывко Паповіча (з Сэрбскае Царквы), прат. Юрага Папаса (з Грэцкае Царквы), а.Нікадыма Палічкіўскага й дыякана Івана Пізьнічэнка з УАПЦ. Архіяпіскап Сергі, вітаючы япіскапа Андрэя, ахвяраваў яму архірэйскае аблачэньне, якое атрымаў ад Галавы Польскае Царквы мітрапаліта Дзіянісія, і уласнаручна зробленую мітру.
Хіратонія ўладыкі Мікалая адбылася ў грэцкім праваслаўным саборы 9-10 сакавіка. У ёй прынялі ўдзел чатыры ярархі: уладыкі БАПЦ Сергі й Андрэй, япіскап УАПЦ Данат і сэрбскі япіскап Дымітры. Прысутнічаў грэцкі архімандрыт Даніель.
Другі Сабор духавенства й вернікаў БАПЦ, які праходзіў 27-29 травеня 1972 г. у Гайленд Парк, абвесьціў Беларускую Царкву мітраполіяй, архіяпіскапа Андрэя – мітрапалітам, прыняў агульны царкоўны Статут, паводле якога павінны кіравацца ўсе парафіі. На аснове зацьверджанага Статуту, Сабор япіскапаў БАПЦ на сваей нарадзе 13 ліпеня 1973 г. падзяліў БАПЦ на дзьве япархіі: Амэрыканска-Аўстралійскую (пад кіраўніцтвам мітрапаліта Андрэя) і Эўрапэйска-Канадыйскую (пад кіраўніцтвам архіяпіскапа Мікалая).
7 кастрычніка 1973 г. мітрапаліт Андрэй упершыню сустрэўся з мітрапалітам УПЦ у Амэрыцы Мсьціславам (Скрыпнікам). Супольная богаслужба прайшла ў украінскай царкве Кліўленда.
19 сьнежня 1974 г. адбылася першая сустрэча ярархіі БАПЦ з Экзархам Канстантынопальскага Патрыярха архіяпіскапам Якавасам. З боку БАПЦ на ёй прысутнічалі: мітрапаліт Андрэй, архіяпіскап Мікалай, сакратар кансысторыі БАПЦ прат. Васіль Кендыш, д-р Янка Запруднік. У прыязнай атмасфэры ярархі гутарылі аб справе сувязяў БАПЦ з Канстантынопальскай Патрыярхіяй.
17 і 18 кастрычніка 1978 г. па даручэньню мітрапаліта Андрэя архіяпіскап Мікалай удзельнічаў у нарадзе япіскапаў усіх праваслаўных Цэркваў Амэрыцы, якая праходзіла ў Джонстаўн, Пэнсыльванія. На нарадзе былі паднятыя пытаньні супрацоўніцтва й паразуменьня паміж праваслаўнымі юрысдыкцыямі Амэрыкі.
22 лютага 1981 г. мітрапаліт БАПЦ Андрэй і Галава УПЦ у ЗША мітрапаліт Мсьціслаў, пры ўдзеле архіяпіскапа УПЦ Арэста хіратанісалі ў япіскапа Полацкага архімандрыта Ізяслава (Бруцкага) . На хіратоніі прысутнічалі: рэктар Украінскай Тэалягічнай Сэмінарыі прат. Франко Істочін, прат. Васіль Кендыш, прат. Васіль Покатыло, прат. Карп Стар. Хорам кіраваў Тарас Паўлоўскі. У зьмястоўнай казані мітрапаліт Мсьціслаў распавёў пра цяжкі шлях епіскапа ў цяперашніх умовах жыцьця.
У травені 1983 г., на Трэцім Саборы БАПЦ у Манчэстары ўладыка Ізяслаў быў абраны Галавою БАПЦ і ўзьведзены ў сан мітрапаліта.
За час япіскапскага служэньня ўладыка Ізяслаў тры разы наведаў парафіі БАПЦ у Брытаніі й Аўстраліі, актыўна дамагаўся адраджэньня БАПЦ на Беларусі і падтрымліваў цёплыя ўзаемаадносіны з Украінскімі Цэрквамі. Так, 26 лютага 1989 г. у украінскай царкве сьв. Андрэя ў Баўнд Брук мітрапаліт Ізяслаў разам з мітрапалітам УПЦ у ЗША Мсьціславам (Скрыпнікам) хіратанісалі для Украінскай Царквы япіскапа Паісія (Івашчука). У 1997 г. па царкоўных справах мітрапаліт Ізяслаў наведаў Украіну, дзе сустрэўся з пачынальнікамі адбудовы БАПЦ на Бацькаўшчыне.
(працяг будзе)


www.belaoc.com
belaoc@belaoc.com

Hosted by uCoz